АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ,
Губернскія вучоныя архіўныя камісіі, губернскія ўстановы па зборы гіст. крыніц у Расіі ў 1884—1918. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археал. ін-та М.В.Калачова. Дзейнічалі ў 41 губ. Рас. імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13.4.1884 іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гіст. архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. У.І.Пічэта), пісьменнікі (М.Горкі, У.Г.Караленка). Камісіі арганізоўвалі б-кі, музеі, збіралі этнагр. матэрыял, праводзілі археал. раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; усяго выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археал. ін-ту, пасля — Рускаму гіст. т-ву.
Літ.:
Самошенко В.Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138;
Макарихин В.П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)